ЛЫ́НТУПСКІ АНДРЭ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неабарока ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1908—14 на месцы старога драўлянага храма, фундаванага віленскім ваяводам Андрэем Альгердавічам у 1459. Мураваная 2-вежавая 3-нефавая базіліка з паўкруглай апсідай. 2-ярусны «карабель» храма схаваны за кулісай гал. фасада, цэнтр якога вылучаны 2-ярусным рызалітам пад трохвугольным франтонам. На фасадзе і верхніх ярусах чатырохгранных веж-званіц, завершаных гранёнымі ліхтарамі над гранёнымі сферычнымі купалкамі, сканцэнтравана арх.-дэкар. пластыка: тонкапрафіляваныя карнізы, пілястры, арачныя нішы-экседры, круглыя люкарны. Рытміку плоскасных бакавых фасадаў ствараюць высокія арачныя аконныя праёмы. Вакол касцёла бутавая агародка з 3-пралётнай брамай.

А.М.Кулагін.

Лынтупскі Андрэеўскі касцёл.

т. 9, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)